MENU

Жыццё і дзейнасць Святога


Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі нарадзіўся
1 лістапада 1822 г. у Ваютыне каля Луцка на Валыні (цяпер Украіна). Быў сынам землеўласніка Герарда і Евы (дзявочае прозвішча Вендорфф), жанчыны светлага розуму і сэрца, пісьменніцы, аўтара “Запісак з жыцця”.

Евангелічная атмасфера сямейнага дому дала яму моцны фундамент веры і маралі. Ад бацькоў Зыгмунт навучыўся любові да Бога, самаахвярнасці для Айчыны, пашане да чалавека. Дзякуючы гэтым вартасцям, вытрымаў, калі памёр яго бацька, а маці за патрыятычную дзейнасць саслалі ў Сібір. Калі царскі ўрад канфіскаваў сямейную маёмасць, шасцёра братоў і сясцёр засталіся без дому.

Калі Зыгмунту было 17 гадоў, ён пайшоў у свет з верай у сэрцы ў тое, што Вышэйшая Сіла дапаможа. Яго адзіным багаццем былі нявіннае сэрца, рэлігія і братэрская любоў да бліжніх, а таксама вера, пра якую ён гаварыў: “Мой пункт гледжання – гэта вера, я хачу, каб усё, што мне падабаецца, што мяне зачароўвае і захапляе, мела ў ёй свой пачатак” (1843) . Маючы здольнасці да дакладных навук, Феліньскі атрымаў матэматычную адукацыю ў Маскве, а гуманітарную – у Сарбоне і ў Collège de France. Яго жыццёвым дэвізам былі словы: “Быць на свеце палякам – гэта значыць жыць па-Божаму і высакародна”. Аб яго патрытызме сведчыць удзел у паўстанні на тэрыторыі Заходняй Польшчы (Велікапольша, 1848г.), а аб велічы духа – сяброўства з нацыянальным паэтам Ю.Славацкім. У Парыжы, адказваючы на заклік Хрыста, Зыгмунт прыняў рашэнне стаць святаром.

Святар у Пецярбургу. У 1851г. Зыгмунт вярнуўся на Радзіму і паступіў у духоўную семінарыю ў Жытоміры. Далейшае навучанне было ў Духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу, дзе атрымаў святарскія пасвячэнні (1855). Натхнёны духам міласэрнасці, ён адкрыў прытулак для сірот і бедных, а таксама заснаваў манаскую супольнасць пад назвай Сям’я Марыі (1857). Адначасова ён быў духоўным айцом для алюмнаў і прафесарам Акадэміі. Ксёндз Феліньскі праславіўся як прапаведнік і спавяднік. Яго лічылі “цудоўным чалавекам”, “апосталам, поўным пакоры, навукі і культуры”, “апекуном бедных і сірот”, “найлепшым святаром Расіі”.

Добры Пастыр. 6 студзеня 1862г. Пій IX назначыў яго Арцыбіскупам Варшаўскім. Ён кіраваў над Віслай усяго 16 месяцаў у надзвычай цяжкіх умовах, у перыяд патрыятычных дэманстрацый і паўстанняў. Але за гэты кароткі час ён развіў плённую дзейнасць з мэтай ажыўлення рэлігійнага жыцця Архідыяцэзіі.

Гэты “чалавек, прызначаны Вышэйшай Сілай”, знак “літасці Божай”, стварыў у сталіцы Цэнтр Адраджэння, арганізаваў місіі і чуванні ў касцёлах, шпіталях, турмах; заклікаў святароў, каб старанна працавалі, клапаціліся аб цвярозасці народу. Вялікі націск клаў на тое, каб прапаведваць Божае Слова, катэхізаваць, развіваць асвету. Распаўсюджваў культ Найсвяцейшага Сакраманту і Маці Божай, для Яе пашаны папулярызаваў у Архідыяцэзіі Святыя Імшы ў маі, падтрымліваў рух францішканаў. Заклапочаны рэлігійным выхаваннем дзяцей і моладзі, ён адкрыў у сталіцы прытулак для сірот і школу, якую аддаў пад апеку сясцёр Сям’і Марыі.

У Варшаве Арцыбіскуп Феліньскі быў як “Анёл супакою”, заклікаючы народ да разважлівасці і да плённай працы для краіны. Кіруючыся вопытам і рэальнай ацэнкай сітуацыі, ён стараўся ўплываць на тое, каб супакоіць і стрымаць народ перад кровапраліццем. Пасля студзеньскага паўстання (1863) гэты добры Пастыр стаяў у абароне прыгнечаных і меў такую ж горкую долю. Змена палітыкі Расіі ў адносінах з Каралеўствам прывяла да таго, што Арцыбіскуп быў невыгодны. Яго выклікалі ў Пецярбург, і ён пакінуў Варшаву 14 чэрвеня 1863г. пад вайсковым канвоем як палітычны вязень. Толькі ў той час Варшава поўнасцю зразумела, кім быў яе Пастыр, які ў кароткі час здзейсніў шмат добрага. Людзі прызналі, што са з’яўленнем Арцыбіскупа Феліньскага праз Архідыяцэзію прайшоў “павеў Духа Святога”.

Выгнаннік. Арцыбіскуп Феліньскі, прыгавораны на высылку ў глыбіню Расіі, правёў у Яраслаўлі над Волгай 20 гадоў, яснеючы святасцю жыцця, аддадзены малітве, апостальству і міласэрнасці. Свой лёс ён аддаў у рукі Нябеснага Айца, выстаяўшы перад націскам урада, які патрабаваў адрачыся ад пасады Арцыбіскупа. Нягледзячы на палітычныя абмежаванні, апекаваўся людзьмі, якія былі сасланыя ў Сібір, даючы ім духоўнае суцяшэнне, матэрыяльную дапамогу, адначасова займаючыся будовай касцёла ў Яраслаўлі.

Памяць аб “Святым польскім біскупе”, які “умацаваў польскі і каталіцкі дух у трох пакаленнях”, засталася жыць над Волгай на доўгія дзесяцігоддзі. Пасля 20 гадоў у выніку пагаднення паміж урадам Расіі і Ватыканам Арцыбіскуп Феліньскі быў вызвалены (1883), але ў Варшаву не мог вярнуцца: пайшоў на другое выгнанне.

Пастыр вясковага народу. Астатнія гады жыцця Феліньскі правёў у якасці Арцыбіскупа Тарсу ў вёсцы Дзвінячка (Львоўская дыяцэзія). Там ён прысвячаў сябе духоўнай, грамадскай і асветніцкай дзейнасці сярод вясковага народу. У асяроддзе гэтай вёскі Арцыбіскуп унёс дух рэлігійнага адраджэння, сяброўскага сямейнага жыцця палякаў і ўкраінцаў, а таксама плённага супрацоўніцтва ў імя евангелічнага братэрства. Народ лічыў яго бацькам і апекуном, “святым” святаром, а яго знаходжанне ў вёсцы – за “Божае благаслаўленне”.

Каралеўская спадчына. Арцыбіскуп Феліньскі памёр 17 верасня 1895г. у Кракаве. Ён пакінуў пасля сябе каралеўскую спадчыну – “адну сутанну, брэвярый і шмат любові сярод людзей”.

Пасля ўрачыстага пахавання ў Кракаве яго парэшткі на працягу 25 гадоў былі на могілках у Дзвінячцы, акружаныя пашанай і любоўю палякаў і ўкраінцаў. А калі Польшча стала незалежнай, парэшткі былі перавезены ў Варшаву (1920) і складзены ў Архікатэдры св. Яна (1921).

Дарога да славы алтароў. Памяць пра Арцыбіскупа Феліньскага, пашана да яго цнатлівасці, а таксама слава святасці і шматлікія аздараўленні (пасля ўжывання вады з крыніцы, якую ён адкрыў у Дзвінячцы) садзейнічалі старанням аб вынясенні яго да хвалы алтароў. Кардынал Стэфан Вышыньскі, Прымас Польшчы, адкрываючы яго кананізацыйную справу у 1965г., сказаў:

“Гэта цяжкая дарога будзе сведчаннем святасці Арцыбіскупа Феліньскага. Яна будзе больш пераконваючая за знакі і цуды, якія ён учыніў. Гэта быў цуд любові, надзвычыйная моц духа чалавека, які не паддаўся, хоць меў на тое права, праходзячы такі надзвычайны шлях”.

Духовая постаць. Жыццё З. Шч. Феліньскага ад маладосці мела рысы імкнення да святасці. Хрыстус быў для яго “Дарогай, Праўдай і Жыццём”. Ён прагнуў дайсці да найвышэйшай ступені з’яднання з Богам, каб за св.Паўлам паўтарыць: “Жыву ўжо не я, жыве ўва мне Хрыстус”.

Арцыбіскуп Феліньскі адзначаўся гранітнай верай і бязмежным даверам Богу. На першым месцы была любоў да Бога і Касцёла, адданасць Айчыне, пашана да людзей. Характэрнай рысай яго духоўнасці была вялікая праведнасць, мужнасць і справядлівасць. Яго асоба зіхацела ахвярнасцю і міласэрнасцю, абвеяная духам францішканскай пакоры, працы і беднасці. Яго называлі “гонарам польскага біскупства”, “пакутнікам”, “адданым сынам Касцёла”.

Са скарбніцы яго жыцця і ў цяперашнія часы можна зачэрпнуць ажыўляльны дух і святло. Кананізацыя Пастыра-Выгнанніка заахвочвае да разважання над уласным жыцёвым шляхам, над сям’ёй і яе адраджэннем, над будовай супольнага дому – Айчыны, пад апекай Бога і Найсвяцейшай Маці.

Генеральны Дом Сясцёр у Варшаве

Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі з малога зярнятка, кінутага кс.Феліньскім у Пецярбургу ў 1857 г., вырасла ў вялікае дрэва. Цяпер гэта 1100 сясцёр, якія працуюць у 145 законных дамах у Польшчы, Бразіліі, Італіі, Беларусі, на Украіне, у Расіі і Казахстане. Кіруючыся харызмай Заснавальніка, сёстры вучаць, выхоўваюць дзяцей і моладзь, апякуюцца хворымі і састарэлымі, працуюць у парафіях
і касцельных установах.

З лістоў св.Зыгмунта Шчэнснага

“Касцёл – гэта самы вялікі мой скарб, гэта мэта майго жыцця, гэта адзіная мая любоў на зямлі” (1855).

“Я веру Богу, нічога не жадаю, акрамя святой Яго волі” (1877).

“Благаслаўлёныя, каго гадзіна выпрабаванняў застане пад крыжам з Марыяй”. (1874)

“Унутраны супакой з’яўляецца самым дарагім скарбам і адзіным падарункам, які Збаўца сваім вучням абяцаў на зямлі” (1879).

“Няхай Божы супакой, Яго ласка і благаслаўленне суправаджаюць вас заўсёды і ўсюды” (1890).

Малітва аб ласках праз
заступніцтва св. Зыгмунта Шчэнснага

Божа, Ты ўпрыгожыў незвычайнымі цнотамі Святога Зыгмунта Шчэнснага – чалавека вялікай пакоры і сціпласці. Учыні, каб мы праз яго заступніцтва атрымалі ласку, аб якой цябе пакорна просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

СВЯТЫ
ЗЫГМУНТ ШЧЭНСНЫ ФЕЛІНЬСКІ
1822-1895
Арцыбіскуп Мітрапаліт Варшаўскі
Заснавальнік Кангрэгацыі
Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі
Апостал супакою і нацыянальнай згоды
Руплівец Культу Найсвяцейшай Марыі
Апякун дзяцей-сірот, бедных, выгнаннікаў
Член Трэцяга закону Святога Францішка
Беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ
18 жніўня 2002 г. у Кракаве
Кананізаваны Бэнедыктам ХVI
11 кастрычніка 2009 г. у Ватыкане